У 2006 годзе Аляксандр Лукашэнка, працягваючы сваё кіраванне абяцаў грамадзянам краіны давесці сярэднія заробкі да 500 даляраў. Старшыня Гарадоцкага райвыканкама Анатоль Мароз падводзячы вынікі 2009 года на сесіі райсавета адзначыў, што намінальная зарплата ў раёне за 10 месяцаў 2009 года склала толькі 701 тысячу рублёў, што адпавядае 251 долару ЗША. Фактычна за тры гады заробкі павялічыліся толькі на 46 даляраў – у сярэднім на 15 даляраў у год. І разлічваць за наступны год заробкі вырастуць на 249 даляраў можа толькі кі раўнік з хворай галавой. Ды і больш сціплы паказчык у 340 даляраў, які браліся выканаць мясцовыя улады, таксама застаецца толькі мрояй, марай фантазёраў ад эканоміцы.
Пры гэтым у раёне за кастрычнік працаўнікі 15 арганізацый мелі заробкі ніжэйшыя за 200 даляраў ЗША. Адпаведна рост заробкаў не забяспечыла кожная пятая арганізацыя Гарадоччыны. І гэта ўсё дзякуючы клопату кіраўніцтва краіны, якое ўвесь час спадзяецца на мудрае кіраўніцтва Гарадоцкім краем дзеючага старшыні А. Мароза, які кіруе раёнам больш дзесяці гадоў.
Л. Антонаў
